. Панядзелак — дваццаць першы звычайны тыдзень, Год І
Панядзелак — дваццаць першы звычайны тыдзень, Год І

Панядзелак — дваццаць першы звычайны тыдзень, Год І

Пачатак Першага паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.

Павел і Сілуан, і Цімафей да Касцёла Тэсаланікійцаў у Богу Айцу і Пану, Езусе Хрысце; ласка вам і спакой.

За ўсіх вас заўсёды дзякуем Богу, узгадваючы вас у малітвах нашых, няспынна памятаючы пра вашую справу веры і клопат любові, і пра цярплівую надзею на Пана нашага Езуса Хрыста перад Богам і Айцом нашым, ведаючы, умілаваныя Богам браты, пра выбранне вашае. Бо нашае Евангелле не было да вас толькі ў слове, але і ў сіле, і ў Святым Духу, і ў поўнай перакананасці. Вы ведаеце, якімі сталі мы ў вас дзеля вас.

У кожным месцы распаўсюджвалася ваша вера ў Бога, так што нам няма патрэбы нешта казаць. Самі яны пра нас сведчаць, якім быў наш прыход да вас і як вы, пакінуўшы ідалаў, звярнуліся да Бога, каб служыць жывому і праўдзіваму Богу і чакаць з нябёсаў Сына Ягонага, якога Ён уваскрасіў з мёртвых, – Езуса, які выбаўляе нас ад надыходзячага гневу.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — дваццаць першы звычайны тыдзень, Год ІІ

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 23 Жнівень 2020 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Тэс 1, 1–5. 11b–12Каб імя Пана праславілася ў вас, а вы — у Ім

Пачатак Другога паслання святога апостала Паўла да Тэсаланікійцаў.

Павел, Сілуан і Цімафей — Тэсаланікійскаму касцёлу ў Богу Айцы нашым і Пану Езусе Хрысце. Ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста. Мы павінны заўсёды дзякаваць Богу за вас, браты, і гэта заслужана, таму што ўзрастае вера вашая і павялічваецца любоў кожнага з усіх вас адзін да аднаго. Так што і мы самі ганарымся вамі сярод касцёлаў Божых, дзякуючы вытрываласці вашай і веры ва ўсіх ганеннях вашых і ўціску, якія вы зносіце. Гэта доказ справядлівага суда Божага, каб вы аказаліся вартымі Божага Валадарства, дзеля якога і церпіце.

Молімся, каб наш Бог прызнаў вас годнымі паклікання і выканаў усякую добрую волю і справу веры ў моцы, каб праславілася імя нашага Пана Езуса ў вас, і вы — у Ім, паводле ласкі Бога нашага і Пана Езуса Хрыста.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — дваццаць пяты звычайны тыдзень, Год І

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 19 Верасень 2021 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Езд 1, 1–6Хто паходзіць з народа Пана, няхай скіруецца ў Ерузалем і пабудуе дом Пана

Пачатак кнігі Ездры.

У першы год панавання персідскага караля Кіра, дзеля спаўнення слова Панскага, абвешчанага вуснамі Ераміі, Пан натхніў персідскага караля Кіра. І ён абвясціў ва ўсім сваім каралеўстве, выдаўшы таксама пісьмова, загад, які наказваў:

Так кажа Кір, кароль Персіі: Пан, Бог нябесны, аддаў мне ўсе каралеўствы свету. Ён загадаў мне ўзнесці Яму дом у юдэйскім Ерузалеме. Хто з вас паходзіць з усяго народа Ягонага, няхай Пан Бог яго будзе з тым. Няхай той скіруецца ў юдэйскі Ерузалем і пабудуе дом Пана, Бога Ізраэля, — Бога, які ёсць у Ерузалеме.

А усім астатнім ва ўсіх месцах, дзе б ні жылі, няхай жыхары месца іхняга дапамогуць срэбрам, золатам, маёмасцю, жывёлаю, а таксама добраахвотнымі ахвяраваннямі на святыню Бога, які ёсць у Ерузалеме.

Тады старэйшыя сем’яў Юды і Бэньяміна, святары, і левіты, і ўсе, каго натхніў Пан, падняліся, каб ісці ў Ерузалем і будаваць святыню Пана, які ёсць у Ерузалеме. І ўсе, хто быў вакол, дапамаглі ім срэбным і залатым начыннем, маёмасцю, жывёлаю, каштоўнасцямі і ў дадатак — добраахвотнымі ахвяраваннямі.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — дваццаць пяты звычайны тыдзень, Год ІІ

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 20 Верасень 2020 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Прып 3, 27–35Кожны нягоднік брыдкі для Пана

Чытанне кнігі Прыпавесцяў Саламона.

Не адмаўляйся рабіць дабро тым, хто патрабуе, калі маеш для гэтага магчымасць. Не кажы бліжняму свайму: Ідзі, прыйдзеш яшчэ, і заўтра дам табе, — калі можаш даць адразу. Не задумвай благога супраць бліжняга свайго, калі ён з даверам сядзіць у цябе. Не спрачайся з чалавекам без прычыны, калі ён не зрабіў табе нічога злога. Не зайздросць несправядліваму чалавеку, і не станавіся на ніводзін шлях ягоны. Бо кожны нягоднік брыдкі для Пана, і з праведнымі сябруе Ён. Праклён Пана над домам бязбожніка, але благаслаўлёнае жыллё справядлівых. Пан насміхаецца з кашчунных, а пакорным удзяляе ласку. Мудрыя атрымаюць у спадчыну славу, а доляй неразумных будзе ганьба.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — дваццаць сёмы звычайны тыдзень, Год І

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 03 Кастрычнік 2021 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ён 1, 1 — 2, 1. 11Ёна ўстаў, каб збегчы ад аблічча Пана

Чытанне кнігі прарока Ёны.

Скіраваў Пан слова да Ёны, сына Аміта:

Устань, ідзі ў Нініву, вялікі горад, і прапаведуй у ім, бо дайшло да Мяне зло іхняе. Але Ёна ўстаў, каб збегчы ад аблічча Пана ў Тарсіс. Спусціўся да Яфы і знайшоў карабель, які плыў у Тарсіс, і, заплаціўшы за сябе, сеў на карабель, каб паплысці ад аблічча Пана разам з імі ў Тарсіс.

Але Пан падняў на моры моцны вецер. І ўзнялася вялікая бура на моры, і ўжо думалі, што карабель разаб’ецца. Спалохаліся маракі і заклікалі кожны свайго бога, і пачалі выкідваць у мора рэчы, якія былі на караблі, каб аблегчыць яго. Ёна ж спусціўся ўнутр карабля, лёг і заснуў.

Прыйшоў да яго кіраўнік маракоў і сказаў яму: Чаму ты спіш? Устань, пакліч Бога свайго; можа, Бог успомніць пра нас, і мы не загінем.

І сказалі адзін аднаму: Хадземце, кінем жэрабя, каб даведацца, за каго спасцігае нас гэтая бяда. І кінулі жэрабя, і ўпала жэрабя на Ёну. Тады сказалі яму: Скажы нам, з-за каго спасцігла нас гэтая бяда? Які твой занятак і адкуль ідзеш ты? Дзе твая краіна і з якога ты народу?

І ён сказаў ім: Я — габрэй, і шаную Пана, Бога нябёсаў, які стварыў мора і сушу. І людзі страшэнна спалохаліся, і сказалі яму: Навошта ты гэта зрабіў? Бо даведаліся, што ён ўцякае ад аблічча Пана, таму што сам сказаў ім пра гэта.

І сказалі яму: Што зрабіць нам з табою, каб мора сціхла для нас? – бо мора хвалявалася ўсё больш. Тады ён сказаў ім: Вазьміце мяне і кіньце ў мора, і мора сціхне для вас, бо я ведаю, што праз мяне спасцігла вас гэтая вялікая бура.

Моцна веславалі гэтыя людзі, каб прыстаць да зямлі, але не маглі, бо мора бушавала ўсё больш супраць іх. Тады яны звярнуліся да Пана і сказалі: Молім Цябе, Пане, не дай нам загінуць за жыццё гэтага чалавека і не залічвай нам крыві нявіннай, бо Ты, Пане, зрабіў так, як спадабалася Табе. Калі ўзялі Ёну і кінулі ў мора, супакоіла мора лютасць сваю. Ахапіў вялікі страх гэтых людзей перад Панам, і прынеслі яны Пану ахвяру, і далі абяцанні.

А Пан загадаў вялікай рыбе праглынуць Ёну. І быў Ёна ўнутры гэтай рыбы тры дні і тры ночы. І сказаў Пан рыбе, і яна выкінула Ёну на сушу.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — дваццаць сёмы звычайны тыдзень, Год ІІ

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 04 Кастрычнік 2020 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Гал 1, 6–12Не ад чалавека я прыняў Евангелле і быў навучаны яму, а дзякуючы аб’яўленню Хрыста

Чытанне Паслання святога апостала Паўла да Галатаў.

Здзіўляюся, што ад таго, хто паклікаў вас ласкаю Хрыста, вы так хутка адыходзіце да іншага Евангелля. Яно, аднак, не іншае, а толькі ёсць людзі, якія зводзяць вас і хочуць сказіць Евангелле Хрыста.

Але калі б нават мы ці Анёл з неба пачаў абвяшчаць вам Евангелле, адрознае ад таго, якое мы абвяшчалі вам, няхай будзе пракляты. Як раней мы казалі, так і цяпер яшчэ кажу: калі хто абвяшчае вам Евангелле, адрознае ад таго, якое вы прынялі, няхай будзе пракляты.

Ці ў людзей я цяпер шукаю ўпадабання, ці ў Бога? Ці людзям дагаджаць стараюся? Калі б я і дагэтуль дагаджаў людзям, то не быў бы слугою Хрыста. Адкрываю вам, браты, што Евангелле, якое я абвяшчаў, не ад чалавека. Бо і я прыняў яго і быў навучаны не ад чалавека, а дзякуючы аб’яўленню Езуса Хрыста.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — дваццаць трэці звычайны тыдзень, Год ІІ

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 06 Верасень 2020 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 5, 1–8Ачысціце старую закваску, каб быць вам новым цестам; таму што Пасха нашая, Хрыстус, ахвяравана за нас

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Паўсюль чуецца, што сярод вас пануе распуста, прычым такая распуста, якой няма нават сярод язычнікаў, што нехта жыве з бацькавай жонкай. Але вы пакрыўдзіліся і зусім не патрабавалі, каб той, хто робіць гэты ўчынак, быў выдалены з вашага асяроддзя?

Адсутны целам, але прысутны духам і як быццам прысутны, я ў імя нашага Пана Езуса ўжо асудзіў таго, хто ўчыніў гэта. Разам з маім духам і моцаю нашага Пана Езуса вы павінны выдаць гэтага чалавека сатане на згубу цела, каб ягоны дух мог збавіцца ў дзень Пана.

Вашае выхвалянне недарэчы. Ці ж не ведаеце, што малая закваска квасіць усё цеста? Дык ачысціце старую закваску, каб быць вам новым цестам, бо вы прэсныя; таму што Пасха нашая, Хрыстус, ахвяравана за нас. Таму будзем святкаваць не ў старой заквасцы — заквасцы зла і подступу — але ў прэсным хлебе чысціні і праўды.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — дваццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год І

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 12 Верасень 2021 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Цім 2, 1–8Каб за ўсіх людзей узносіліся малітвы да Бога, які хоча, каб усе людзі былі збаўлены

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Цімафея.

Перш за ўсё, я заклікаю, каб прашэнні, малітвы, просьбы аб заступніцтве і падзякі ўзносіліся за ўсіх людзей, за каралёў і за ўсіх, хто мае ўладу, каб мы маглі весці спакойнае і ціхае жыццё ва ўсёй пабожнасці і годнасці. Гэта добра і прыемна ў вачах Збаўцы нашага, Бога, які хоча, каб усе людзі былі збаўлены і дайшлі да пазнання праўды.

Бо адзін Бог і адзін пасрэднік паміж Богам і людзьмі: Чалавек Езус Хрыстус, які аддаў сябе самога на водкуп за ўсіх як сведчанне, абвешчанае ў адпаведную пару, дзеля чаго я прызначаны прапаведнікам і апосталам (кажу праўду і не хлушу), настаўнікам для язычнікаў у веры і праўдзе.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — дваццаць чацвёрты звычайны тыдзень, Год ІІ

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 13 Верасень 2020 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Кар 11, 17–26. 33Калі сярод вас паўстае разлад, гэта не спажыванне Вячэры Пана

Чытанне Першага паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Даючы гэтыя настаўленні, я не хвалю таго, што вы збіраецеся разам не на карысць, але на шкоду. Бо, перш за ўсё, я чую, што, калі вы збіраецеся разам у касцёле, сярод вас паўстае разлад. І ў гэта я ў пэўнай ступені веру. Бо павінны быць у вас падзелы, каб і выпрабаваныя маглі выявіцца сярод вас.

Таму, калі вы збіраецеся разам у адным месцы, гэта не спажыванне Вячэры Пана, бо кожны бярэцца раней з’есці ўласны спажытак, і адзін застаецца галодным, а другі п’янее. Хіба не маеце дамоў, каб есці і піць? Ці вы пагарджаеце Касцёлам Божым і прыніжаеце тых, хто не мае? Што сказаць вам? Ці пахваліць вас? За гэта не пахвалю.

Бо я прыняў ад Пана тое, што і вам перадаў, што Пан Езус у тую ноч, у якую быў выданы, узяў хлеб, падзякаваў, паламаў і сказаў: Гэта Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць. Таксама ўзяў пасля вячэры келіх і сказаў: Гэта ёсць келіх Новага Запавету ў Крыві Маёй. Кожны раз, калі Яго будзеце піць, чыніце гэта на Маю памяць.

Кожны раз, калі будзеце есці гэты хлеб і піць з гэтага келіха, абвяшчайце смерць Пана, пакуль Ён не прыйдзе.

Таму, браты мае, калі збіраецеся на трапезу, чакайце адзін аднаго.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — дваццаць шосты звычайны тыдзень, Год І

Аўтар: Дзмітрый. Дата публікацыі: 26 Верасень 2021 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Зах 8, 1-8Я ўратую народ Мой з краіны ўсходу і з краіны захаду сонца

Чытанне кнігі прарока Захарыі.

І было слова Пана Магуццяў, што казала: Так кажа Пан Магуццяў: Я руплюся аб Сіёне з вялікай зайздрасцю і з вялікім запалам руплюся аб ім.

Так кажа Пан: Я вярнуся на Сіён і пасялюся пасярод Ерузалема. І названы будзе Ерузалем горадам Праўды, а гара Пана Магуццяў – гарою Святасці.

Так кажа Пан Магуццяў: Дзяды і бабулі зноў будуць сядзець на вуліцах Ерузалема, кожны з кіём сваім ў руцэ сваёй з-за мноства дзён сваіх. І вуліцы горада напоўняцца хлапчукамі і дзяўчатамі, што гуляюць на вуліцах яго.

Так кажа Пан Магуццяў: Калі гэта будзе здавацца дзіўным у вачах рэшты народа гэтага ў дні тыя, ці ж будзе гэта дзіўным таксама ў Маіх вачах?

Так кажа Пан Магуццяў: Вось Я ўратую народ Мой з краіны ўсходу і з краіны захаду сонца. І прывяду іх, і паселяцца пасярод Ерузалема. І будуць Маім народам, а Я буду іх Богам у праўдзе і справядлівасці.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — дваццаць шосты звычайны тыдзень, Год ІІ

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 27 Верасень 2020 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Ёв 1, 6–22Пан даў, і Пан забраў. Няхай будзе благаслаўлёнае імя Пана

Чытанне кнігі Ёва.

У пэўны дзень, калі прыйшлі сыны Божыя, каб стаць перад абліччам Пана, прыйшоў таксама разам з імі сатана. І сказаў Пан сатане: Адкуль ты прыйшоў? Сатана адказаў Пану: Я хадзіў па зямлі і абышоў яе. Пан сказаў сатане: Ці звярнуў ты ўвагу на Майго слугу Ёва, бо няма падобнага да яго на зямлі: ён чалавек беззаганны, справядлівы, які баіцца Бога і пазбягае зла. Сатана сказаў Пану ў адказ: Ці ж задарма баіцца Ёў Бога? Ці не забяспечыў Ты з усіх бакоў яго і дом ягоны, і ўсё, што ягонае? Справу рук ягоных Ты благаславіў, і маёнтак ягоны пашыраецца на зямлі. Але працягні руку сваю і дакраніся да ўсяго, што ягонае, — ці будзе ён благаславіць Цябе перад Тваім абліччам? І сказаў Пан сатане: Вось усё, што ягонае, у руцэ тваёй, толькі на яго самога не працягвай рукі сваёй. І адышоў сатана ад аблічча Пана.

Аднойчы, калі сыны і дочкі Ёва елі і пілі віно ў доме свайго першароднага брата, прыйшоў пасланец да Ёва і сказаў: Валы аралі, а асліцы пасвіліся каля іх. Раптам напалі савеяне і ўзялі іх, а слугаў забілі вастрыём мяча. Уратаваўся толькі я адзін, каб расказаць табе.

Калі ён яшчэ гаварыў, прыходзіць другі і кажа: Агонь Божы ўпаў з неба і спаліў авечак, і пазабіваў слугаў. Уратаваўся толькі я адзін, каб расказаць табе.

Таксама, калі ён яшчэ гаварыў, прыйшоў іншы і сказаў: Халдэі зрабілі тры атрады і напалі на вярблюдаў, і забралі іх, а слугаў забілі вастрыём мяча. Уратаваўся толькі я адзін, каб расказаць табе.

Яшчэ ён не скончыў гаварыць, як прыйшоў іншы і сказаў: Калі сыны твае і дочкі твае елі і пілі віно ў доме свайго першароднага брата, раптам наляцеў вялікі вецер з пустыні і ўдарыў у чатыры вуглы дому, і ён упаў на дзяцей, і яны памерлі. Уратаваўся толькі я адзін, каб расказаць табе.

Тады Ёў устаў і разарваў шаты свае, пастрыг галаву і, упаўшы на зямлю, пакланіўся, і сказаў: Голы я выйшаў з улоння маці маёй і голы вярнуся туды. Пан даў, і Пан забраў. Няхай будзе благаслаўлёнае імя Пана.

Ва ўсім гэтым не зграшыў Ёў, і не сказаў нічога дрэннага супраць Бога.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — дзевятнаццаты звычайны тыдзень, Год І

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 08 Жнівень 2021 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Дрг 10, 12–22Учыніце абразанне свайго сэрца. Любіце чужаземцаў, бо і самі былі чужынцамі ў зямлі егіпецкай

Чытанне кнігі Другазаконня.

Майсей прамовіў да народа, кажучы:

А цяпер, Ізраэль, чаго патрабуе ад Цябе Пан Бог твой, акрамя таго, каб ты баяўся Пана Бога свайго, хадзіў шляхамі Ягонымі і любіў Яго, а таксама каб служыў Пану Богу свайму ўсім сэрцам сваім і ўсёй душой сваёй, каб захоўваў запаведзі Пана і пастановы Ягоныя, якія сёння наказваю табе дзеля твайго дабра.

Пану Богу твайму належыць неба і неба нябёсаў, зямля і ўсё, што на ёй існуе, аднак толькі да тваіх айцоў схіліўся Пан, і палюбіў іх, і выбраў нашчадкаў іхніх пасля іх, гэта значыць, вас, як гэта ёсць і сёння.

Таму ўчыніце абразанне свайго сэрца і больш не рабіце ўпартым свой карак, бо Пан Бог ваш — гэта Бог багоў і Уладар уладароў, Бог вялікі, магутны і грозны, які не зважае ні на асобы, ні на дары, які здзяйсняе справядлівасць ў дачыненні да сіраты і ўдавы, любіць чужаземца і дае яму спажытак і адзенне. Таму і вы любіце чужаземцаў, бо і самі былі чужынцамі ў зямлі егіпецкай.

Бойся Пана Бога свайго і Яму служы, да яго схіліся і кляніся Ягоным імем. Ён хвала твая і Бог твой, які ўчыніў перад табою тыя грозныя цуды, якія бачылі твае вочы. Калі айцы твае сыходзілі ў Егіпет, іх было семдзесят чалавек, а цяпер Пан Бог твой памножыў цябе, як нябесныя зоркі.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — дзевятнаццаты звычайны тыдзень, Год ІІ

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 09 Жнівень 2020 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Эзх 1, 2–5. 24–28сТакое было бачанне падабенства славы Пана

Чытанне кнігі прарока Эзэхіэля.

У пяты месяц пятага года ад палону караля Ёакіма было скіравана слова Пана да Эзэхіэля, сына Бузі, святара, у зямлі халдэйскай, над ракою Хабар, і была там над ім рука Пана.

І бачыў я: вось імклівы вецер наляцеў з поўначы, вялікае воблака і палаючы агонь, а вакол яго ззянне, і з сярэдзіны агню нібыта бляск пазалочанага срэбра. У сярэдзіне яго падабенства чатырох жывых істот, што сваім выглядам нагадвалі чалавека.

І чуў я шум крылаў, як шум вялікіх водаў, нібыта голас Усемагутнага: калі яны ішлі, быў моцны шум, нібы ад ваеннага лагера; калі ж спыняліся, іхнія крылы апускаліся. Бо калі з-над скляпення, што было над галовамі іхнімі, чуўся голас, яны спыняліся і крылы іхнія ападалі.

Над скляпеннем, што ўзвышалася над галовамі іхнімі, было падабенства трону ў выглядзе каменя сапфіру; а зверху над падабенствам трону было як бы падабенства выгляду чалавека. І я бачыў нібыта выгляд пазалочанага срэбра, як бы выгляд агню ўнутры і вакол яго. Ад падабенства сцёгнаў ягоных уверх і ад падабенства сцёгнаў ягоных уніз я бачыў нібыта выгляд агню і святло ад яго вакол. Як выгляд вясёлкі, што з’яўляецца ў аблоках падчас дажджу, такі быў выгляд ззяння вакол.

Такое было бачанне падабенства славы Пана.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — дзяcяты звычайны тыдзень, Год І

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 06 Чэрвень 2021 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 Кар 1, 1–7Бог суцяшае нас, каб мы маглі суцяшаць засмучаных

Пачатак Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў.

Павел, з волі Божай апостал Езуса Хрыста, і брат Цімафей — Касцёлу Божаму у Карынце з усімі святымі ва ўсёй Ахаіі: ласка вам і спакой ад Бога Айца нашага і Пана Езуса Хрыста.

Благаслаўлёны Бог і Айцец Пана нашага Езуса Хрыста, Айцец міласэрнасці і Бог усякага суцяшэння, які суцяшае нас ва ўсякім смутку нашым, каб мы маглі суцяшаць усіх засмучаных тым суцяшэннем, якім Бог суцяшае нас саміх. Бо, як памнажаюцца ў нас цярпенні Хрыстовыя, так памнажаецца праз Хрыста і суцяшэнне нашае. Калі мы суцяшаемся, то дзеля вашага суцяшэння, якое здзяйсняецца ў вытрыванні тых самых цярпенняў, што і мы церпім. І надзея нашая на вас моцная, бо мы ведаем, што вы супольнікі нашыя як у цярпеннях, так і ў суцяшэнні.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — дзяcяты звычайны тыдзень, Год ІІ

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 07 Чэрвень 2020 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Вал 17, 1–6Ілля, які стаіць перад абліччам Пана Бога Ізраэля

Чытанне Першай кнігі Валадарстваў.

Сказаў Ілля Тэсбіта, з жыхароў гілеадскіх, Ахабу: Як жывы Пан Бог Ізраэля, перад якім я стаю, так у гэтыя гады не будзе ні расы, ні дажджу, калі толькі я не скажу.

І скіраваў Пан слова да яго, кажучы: Ідзі адгэтуль і павярніся на ўсход, і схавайся каля патоку Керыт, што насупраць Ярдана. З гэтага патоку ты будзеш піць, а крумкачам Я загадаў карміць цябе там.

Пайшоў ён і зрабіў паводле слова Пана; пайшоў і застаўся каля патоку Керыт, што насупраць Ярдана. І крумкачы прыносілі яму хлеб і мяса раніцай і хлеб і мяса ўвечары, а з патоку ён піў.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — дзявяты звычайны тыдзень, год І

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 30 Май 2021 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Тоб 1, 3; 2, 1а–8 (Vlg)Тобій хадзіў шляхамі праўды

Пачатак кнігі Тобія.

Я, Тобій, хадзіў шляхамі праўды і справядлівасці ва ўсе дні жыцця свайго, даваў вялікую міласціну сваім братам і суайчыннікам, якія пайшлі разам са мною на выгнанне ў Нініву, у асірыйскі край.

У наш святочны дзень Пяцідзесятніцы, які з’яўляецца святам Тыдняў, для мяне была прыгатавана добрая гасціна, і я сеў за стол. І паставілі перада мною стол, і я ўбачыў шматлікія стравы. Тады я сказаў сыну свайму: Пайдзі і пашукай сярод выгнаных у Нініву братоў нашых кагосьці беднага. Калі ён усім сэрцам адданы Пану, прывядзі сюды, і ён будзе есці нароўні са мною. А я, сыне, пачакаю, пакуль ты вернешся.

І пайшоў сын мой, каб знайсці каго-небудзь беднага сярод братоў нашых, і, вярнуўшыся, сказаў мне: Ойча! Я адказаў: Што, дзіця маё? Той сказаў у адказ: Вось адзін з народа нашага забіты і кінуты на рынку, цяпер ён ляжыць там задушаны. Тады я выскачыў, кінуўшы гасціну і не пакашатаваўшы яе, і перанёс яго з вуліцы і паклаў у адным з пакояў, каб пахаваць пасля захаду сонца. Вярнуўшыся, я абмыўся і са смуткам еў хлеб свой. Я прыгадаў словы прарока Амоса, якія гаварыў ён супраць Бэтэля: Усе вашыя святы абернуцца ў жалобу, а ўсе вашыя песні — у галашэнне.

І я заплакаў. Пасля захаду сонца я пайшоў, выкапаў магілу і пахаваў яго. А суседзі мае насміхаліся з мяне, кажучы: Гэты чалавек усё яшчэ не баіцца? Бо ўжо шукалі яго, каб забіць за гэта, а ён уцёк і вось зноў хавае мёртвых.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — дзявяты звычайны тыдзень, Год ІІ

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 01 Чэрвень 2020 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 2 П 1, 2–7Даў нам вялікія і каштоўныя абяцанні, каб праз іх вы сталі саўдзельнікамі Боскай істоты

Чытанне Другога паслання святога апостала Пятра.

Ласка вам і спакой няхай памножацца ў пазнанні Бога і нашага Пана Езуса.

Ад Боскай сілы Ягонай нам даравана ўсё для жыцця і пабожнасці дзякуючы пазнанню таго, хто паклікаў нас для ўласнай славы і хвалы, праз што даў нам вялікія і каштоўныя абяцанні, каб праз іх вы сталі саўдзельнікамі Боскай сутнасці, пазбегнуўшы згубы пажадлівага свету. З гэтай самай прычыны прыкладайце ўсе намаганні, каб дапоўніць веру вашую цнотай, цноту — пазнаннем, пазнанне — стрыманасцю, стрыманасць — цярплівасцю, цярлівасць — пабожнасцю, пабожнасць — братняю любоўю, а братнюю любоў — любоўю.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — другі звычайны тыдзень, Год ІІ

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 19 Студзень 2020 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ 1 Сам 15, 16–23Паслухмянасць лепшая, чым ахвяры

Чытанне Першай кнігі Самуэля.

Пасля перамогі над амалекітамі Самуэль сказаў Саўлу: Пачакай, я скажу табе, што сказаў мне Пан уначы. Той адказаў яму: Кажы. І сказаў Самуэль: Ці ж не стаў ты на чале плямёнаў Ізраэля, хоць і здаваўся малым ў вачах сваіх? Пан намасціў цябе каралём Ізраэля, і паслаў цябе Пан у дарогу, кажучы: Ідзі і забівай грэшнікаў амалекітаў, і змагайся з імі, пакуль не знішчыш іх. Чаму ж ты не паслухаўся голасу Пана, але кінуўся на здабычу і ўчыніў благое ў вачах Пана?

Тады Саўл адказаў Самуэлю: Я паслухаўся голасу Пана і пайшоў шляхам, на які скіраваў мяне Пан. Я прывёў Агага, караля амалекітаў, і пазабіваў амалекітаў. А народ узяў са здабычы авечак і валоў найлепшае з таго, што было пад праклёнам знішчэння, каб ў Галгале ахвяраваць іх Пану Богу твайму.

І сказаў Самуэль: Няўжо хоча Пан Бог ўсеспаленняў і ахвяраў больш, чым паслухмянасці свайму голасу? Паслухмянасць лепшая, чым ахвяры, а слухаць — лепш, чым прыносіць барані тлушч. Бо супраціўленне — такі ж грэх, як варажба, а ўпартасць — як ідалапаклонства. Паколькі ты адкінуў слова Пана, Ён адкідае цябе як караля.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — Другі тыдзень Адвэнту

Аўтар: Дзмітрый. Дата публікацыі: 06 Снежань 2020 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Іс 35, 1–10Сам Бог прыйдзе і збавіць вас

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Узрадуецца пустыня і сухая зямля,і стэп узвесяліцца і зацвіце, як шафран.Будзе прыгожа цвісці і цешыцца,і радавацца будзе, і спяваць.Слава Лібану будзе дадзена яму,гонар Кармэлю і Сарону.Яны ўбачаць славу Пана,веліч нашага Бога.Умацуйце слабыя рукі,узмацніце дрыжачыя калені.Скажыце маладушным:Будзьце адважнымі! Не бойцеся!Вось Бог ваш, помста прыйдзе;адплата Божая.Ён сам прыходзіць і збавіць вас.Тады вочы сляпых будуць бачыць,і вушы глухіх адкрыюцца.Тады кульгавы, як алень, падскочыць,і язык нямых усклікне радасна.Бо пачне біць крыніца вады ў пустыні,і патокі ў стэпах;засохлая зямля ператворыцца ў возера;бязводнае месца ў крыніцы вады;логава, дзе ляжалі шакалы,стане месцам трыснягу і папірусу.І будзе там шырокі шлях і дарога,і назавецца яна святой дарогай;не пойдзе па ёй нячысты,калі адправіцца ў падарожжа,і неразумныя не будуць па ёй блукаць.Ільва не будзе там,і драпежны звер не ўзыдзе на яе, не будзе яго там,а будуць хадзіць па ёй адкупленыя.Выбаўленыя Панам вернуццаі прыйдуць на Сіён з радасным спевам,і вечная радасць акрые іх галовы.Вяселле і радасць напоўніць іх,а журба і стогны знікнуць.

Гэта слова Божае.

Панядзелак — І Тыдзень Вялікага посту

Аўтар: Кацярына. Дата публікацыі: 21 Люты 2021 .

ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ Лев 19, 1–2. 11–18Справядліва судзі бліжняга свайго

Чытанне кнігі Левіта.

Пан прамовіў да Майсея, кажучы:

Звярніся да ўсяго сходу сыноў Ізраэля і скажы ім: будзьце святымі, як святы Я, Пан Бог ваш.

Не крадзіце, не хлусіце і не ашуквайце адзін аднаго.

Не кляніцеся фальшыва імем Маім, каб не апаганіць імя Бога твайго. Я — Пан.

Не прыгнятай бліжняга свайго і не рабуй. Няхай плата працаўніка не застаецца ў цябе аж да раніцы.

Не праклінай глухога і не кладзі перашкоды перад сляпым, але бойся Бога твайго. Я — Пан.

Не чыніце несправядлівасці на судзе. Будзь бесстароннім як да беднага, так і перад абліччам заможнага. Справядліва судзі бліжняга свайго. Не хадзі як пляткар сярод народу твайго. Не паўставай супраць крыві бліжняга свайго. Я — Пан.

Не будзеш ненавідзець брата свайго ў сэрцы сваім. Настаўляй яго, каб не мець граху з-за яго. Не шукай помсты і не злуйся на сыноў народа свайго. Любі бліжняга свайго, як самога сябе. Я — Пан.

📎📎📎📎📎📎📎📎📎📎